Ноч музеяў у Дзяржаўным лiтаратурным музеi Янкi Купалы "Гарадскi бульвар. Жывая гiсторыя". Минск


Дзяржаўны лiтаратурны музей Янкi Купалы 15 мая 2010 года прадстаўляе Ноч музеяў "Гарадскi бульвар. Жывая гiсторыя".

Мінск сёння падобны на сучасную прыгажуню, убору якой не стае старадаўняй каштоўнай аздобы. Наш праект – спроба ўзнавіць у памяці жыхароў і гасцей сталіцы арыенціры мінулага. Ноч музеяў “Гарадскі бульвар. Жывая гісторыя” – гэта яскравае і непаўторнае відовішча, якое сумяшчае ў сабе розныя па жанрах і накірунках, але агульныя па настроі мастацкія, тэатральныя і музычныя мерапрыемствы, прысвечаныя нашаму любімаму гораду. Музыкі, мастакі ды артысты з вялікім задавальненнем падораць кожнаму гледачу добры настрой і моцныя ўражанні. Спадзяемся, наведвальнікі адмысловай акцыі “Гарадскі бульвар/Жывая гісторыя” – мінчукі і госці Мінска – стануць больш уважліва ўглядацца ў сучасныя рысы горада-героя і, знаходзячы побач адгалоскі даўніны, яшчэ больш палюбяць мінскія плошчы і вуліцы.


ПРАГРАМА СВЯТКАВАННЯ

18.30 – 18.55 (ганак музея)
Урачыстае адкрыццё Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”
Каля галоўнага ўваходу ў музей адбудзецца канцэрт Хора студэнтаў харавога аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка. У выкананні музыкаў прагучаць кампазіцыі, што карысталіся вялікай любоўю жыхароў беларускіх гарадоў і мястэчак ХХ стагоддзя.

19.00 – 19.30 (выставачная зала музея)
Урачыстае адкрыццё выстаўкі “Курганы шмат чаго нам гавораць…”

19.30 – 20.00 (хол музея)
Арт-дзея “Ілюзіён” (дэманстрацыя чорна-белай кінастужкі ў суправаджэнні тапёра)

20.00 – 20.55 (выставачная зала музея)
Тэатралізаваная праграма “Вясновыя спатканні” у выкананні акцёраў Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” пад кіраўніцтвам Наталлі Кухаравай

19.30 – 23.00 (пастаянная экспазіцыя музея)
Арт-дзея “Вітрыны гарадскога жыцця”
Акунуцца ў атмасферу ХХ стагоддзя наведвальнікам дапамогуць пазнаваемыя персанажы і прыкметы гарадскога жыцця – чысцільшчык абутку,чырвонаармейцы, прыбіральшчыца, Астап Бэндэр і інш.
У адной з залаў музея пад чароўныя гукі скрыпкі і саксафона адбудзецца майстар-клас сябра Саюза майстроў Наталлi Гамаюнавай па выцінанцы – традыцыйнаму для беларускага горада віду мастацтва, і кожны жадаючы атрымае магчымасць прыняць удзел у вырабе маленькага мастацкага шэдэўра.
Гэтым вечарам наведвальнікі музея змогуць апынуцца ў фотаатэлье пачатку ХХ стагоддзя, прыняць удзел у сеансе адначасовай гульні ў шахматы з Астапам Бэндэрам і атрымаць жартоўны партрэт на добрую згадку.
Акуніцеся ў свет асацыяцый, мастацтва ды рамантыкі!

21.00 – 00.00 (выставачная зала музея)
Музычная праграма “Гукі гарадскога бульвара”
Дыялог мастацтваў – паэзіі і музыкі – доўжыцца стагоддзі. Паміж імі асаблівыя адносіны. Слова і гук ніколі не існавалі асобна. У гэты вечар музыкай напоўніцца і жывапіс.
Вас чакаюць
“Рэлікт”,
“Кашлаты Вох”,
“Alta Mente”,
Міхась Бараноўскі і Со,
“Князь Мышкін”,
“Рэбус Нялішніх”,
“Ох. Ра".

Акрамя таго, Вы зможаце наведаць выстаўку “Віленскія вобразы”, на якой прадстаўлены работы беларускіх мастакоў, звязаных творчым і асабістым лёсам з Вільняй (Вільнюсам). Беларуская назва – Вільня – засталася ў ХХ ст. па-за межамі афіцыйных дзяржаўных назваў, але прысутнічае і дзейнічае ў пластах яго шматслойнай культуры. Так называлі і называюць горад частка мастакоў, для якіх Вільня застаецца асаблівым месцам – горадам-марай, горадам-міфам. Таму яны зноў і зноў вяртаюцца да гэтай тэмы.

Кошт: 5000 руб.
P.S. Наведвальнікам у школьных строях ХХ стагоддзя ўваход вольны.

297