Установа «Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы»

Адзін з найстарэйшых літаратурных музеяў Беларусі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы заснаваны 25.05.1944 г., адкрыты для наведвальнікаў 20.09.1945 г. Музей збірае, захоўвае, даследуе і інтэрпрэтуе спадчыну Янкі Купалы (1882—1942). Экспазіцыя знаёміць з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, яго роляй у гістарычным і культурным развіцці краіны ў нацыянальным і еўрапейскім кантэкстах. Значныя праекты апошніх гадоў: стварэнне новай пастаяннай экспазіцыі, выданне каталога «Аўтографы першага Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы», грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам», выстаўкі да 100-годдзя п'есы «Паўлінка» і 120-годдзя У. Луцэвіч. Агульная колькасць адзінак захоўвання — 51823 (2012). Найбольш каштоўныя — аўтографы, прыжыццёвыя выданні і партрэты Янкі Купалы, фатаграфіі і асабістыя рэчы паэта і яго сям'і. Прэзентацыя спадчыны Янкі Купалы ажыццяўляецца ў традыцыйных і новых формах культурна-адукацыйнай дзейнасці: аглядныя і тэматычныя экскурсіі, лекцыі, вечарыны, інтэрактыўныя праекты для розных катэгорый наведвальнікаў. У рамках партнёрства з музеямі краін СНД і Еўропы рэалізуюцца выставачныя і культурна-адукацыйныя праекты ў Расіі, Літве, Латвіі, Арменіі, Балгарыі. У музей уваходзяць філіялы «Акопы» (Лагойскі раён) і «Яхімоўшчына» (Маладзечанскі раён), Купалаўскія мемарыяльныя запаведнікі «Вязынка», дзе штогод праходзіць Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў, і «Ляўкі» (Аршанскі раён).